МАЛА́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

найбуйнейшая група астравоў на Зямлі паміж Азіяй і Аўстраліяй. На М.а. тэр. Інданезіі, Малайзіі, Філіпін, Брунея, Усх. Тымора. Каля 10 тыс. астравоў, агульнай пл. больш за 2 млн. км2. Уключае Вялікія Зондскія астравы, Малыя Зондскія астравы, Філіпінскія астравы, Малукскія астравы і інш. Найб. а-вы Калімантан, Суматра, Сулавесі, Ява. Пераважаюць сярэдневышынныя і нізкія горы выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Ёсць узгорыстыя раўніны і нізіны, складзеныя з алювіяльных і марскіх адкладаў. Горы познакайназойскай і сучаснай складкавасці. Складзены пераважна з неагенавых абломкавых тоўшчаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі (на в-ве Калімантан — з палеазойскіх парод). Каля 400 вулканаў, у т.л. больш за 100 дзеючых (найб. вядомы вулкан Кракатаў). Радовішчы волава, нафты, газу, баксітаў, медных, нікелевых, жал., марганцавых руд і інш. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. На раўнінах т-ры на працягу года 23—26 °C, ападкаў 2000—4000 мм; у гарах т-ры 15—17 °C, ападкаў больш за 5000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. 65% тэрыторыі ўкрыта вільготнымі трапічнымі лясамі, якія з’яўляюцца найстараж. лясной фармацыяй Зямлі. Характэрны высокі эндэмізм і велізарная відавая разнастайнасць флоры і фауны. У субэкватарыяльным поясе ўчасткі саваннаў. У гарах вышынная пояснасць. Трапічнае земляробства: на схілах узгоркаў вырошчваюць рыс, батат, земляны арэх, кукурузу; на нізінах — плантацыі гевеі, хіннага, кававага, гваздзіковага, кардамонавага дрэў і інш. Рыбалоўства.

М.В.Лаўрыновіч.

Герб і сцяг Малайзіі.
Да арт. Малайзія. Ансамбль урадавых будынкаў у г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Малака.
Да арт. Малайзія Музей культуры г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Панарама г. Куала-Лумпур.
Да арт. Малайзія. Будынак парламента ў г. Куала-Лумпур.

т. 10, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)